ЛІДЭР-ЛІГА. 7 ТУР: НЕПРЫКМЕТНА НАПАТКАЛА ВОСЕНЬ

Што да адбыўшыхся паядынкаў, то барацьба ў іх шла ў звыклай манеры. Самы востры і надзвычай відовішчны матч прадэманстравалі ў мінулую нядзелю “Гранд” і “Волга”. “Валжане”, калі браць пад увагу пачатак сустрэчы, не павінны былі мець ніякіх праблемаў. Ужо на 5-й хвіліне Міхаіл Ляшкевіч вельмі пісьменным ударам пад дальнюю штангу лік адкрыў, а хутка яго поспех прадубляваў жвавы Аляксандр Галавач, адклікнуўшыся на пас Хававы. Перавага, як даволі часта з “валжанамі” здараецца, расслабіла каманду, а “Гранд” пры любых лічбах на табло б’ецца да апошняга. Таму у сябе “зяленыя”, якія з легкай усмешкай транжырылі моманты ў контрах, вярнуліся толькі пасля галавастага прэзента ад Макса Нахайчука. Роме Хаваўка, выконваючаму плэймекерскія функцыі, ўдалося ўзяць ініцыятыву на сябе і аформіць гол у раздзявальню. У другім тайме яму пашчасціла забіць яшчэ адзін гол, але ад валідольнага фінішу гэта каманду не выраватала. Справа ў тым, што напрыканцы паядынку за дзве жоўтыя карткі пляцоўку пакінуў кіпер Юра Юркевіч і “Волге” прыйшлося гуляць у меншасці. Атрыманага часу “грандам” хапіла, каб зраўняць лік. Яўген Салавей і Дзяніс Жалнерук растрэльвалі браму суперніка з блізкай адлегласці. Пажар разгарэўся пасля заканчэння матча. “Валжане”, даведаўшыся, што выдаленне гульца доўжыцца ўсяго пяць хвілін, настойвалі, што арбітр завысіў інтэрвал часу, што пазволіла “Гранду” дамагчыся нічыйнага выніка. Суддзя гэтыя пратэсты аспрэчваў. У афіцыйным пратаколе пазначана — выдаленне адбылося на 46-й хвіліне, апошні выратавальны гол на 49-й. Без відэа і афіцыйнага хранаметражу даказаць памылку арбітра практычна немагчыма. І суддзе і камандам застаецца толькі нагадаць больш уважліва чытаць правілы, якія размешчаныя на афіцыйным сайце.

Пакуль адсутнічалі “універсальныя” на першы радок у табліцы крочыў “Гермес”. Іх апанент “Джокер” па традыцыі з’явіўся ў аблегчаным выглядзе. Здавалася б кадравая перавага павінна была прынесці дывідэнты “гермесам” у другой палове матча, але на самой справе куды лепш пайшлі справы менавіта ў стартавым тайме. На пачатку дуплетам стрэліў Аляксей Кубік. Пры першым узяцці варот яму асіставаў Дзмітрый Баронін, а ў другім выпадку ён спрацаваў сола. Нягледзячы на лік, матч нельга было назваць дарогай з аднабаковым рухам, аднак “апельсінавыя” да сваіх шансаў ставіліся больш адказна і вынікова. На 23-й хвіліне “Гермес” выдаў гол-прыгажун. Ігар Новік з пазіцыі “слупа” пяткай адпасаваў на Андрэя Бычака, які плотным ударам даслаў мяч у браму. Пасля перапынку ў галявыя справы уключыліся і “джокеры”, але імкненне адыграць гандыкап, прыводзіла да контратак суперніка і падабрацца да “гермесаў” на больш-менш прыстойную адлегласць было немагчыма. “Джокерам” прыйшлося знаходзіць задавальненне ў дзяжурным голе Віці Смаля. “Гермес” жа завізіраваў сваю перамогу БАРОНінскім дуплетам.

Трэці матч запар не прайграе і ў другім дамагаецца перамогі “Корона”. “Канталі”, як бачыцца з боку, спрабуюць набываць пункты на старым багажы, але ў гэтым сезоне дружына ўжо не выглядае настолькі моцнай. Адсюль і праблемы. Хлопцы ставяць на атаку, але не забіваюць, нярвуюцца, дапускаюць памылкі ў абароне і вымушаны прайграваць. З “Каронай” усе слабыя месцы палезлі на першы план. Як не выратоўваў сваю дружыну пластычны Аляксандр Пракапюк, аднак адбіцца ад хуткасных кінжалаў “каронных” было папросту немагчыма. На экватары першага тайма Міша Вінаходаў скарыстаўся абрэзкай суперніка ў центры і вывеў сваіх наперад. “Канталі” адразу ж паляцелі ў атаку, але хоць і з шыкоўнымі момантамі, засталіся без гола. На 35-й хвіліне Вінаходаў выдаў шэдэўр. Знаходзячыся бліжэй левай бровкі, стрэліў з такой трапнасцю ў правую “дзевяць”, што ў “канталей” пацямнела ў вачах. Трэці мяч у сетку “КС” стаў вынікам захаплення іх атакуючымі дзеяннямі. Уладзімір Пышкоў растрэльваў пустую рамку. Пры такіх умовах фінішны галявы выбух у выкананні Ярашчука на канчатковы лік не ўплываў.

“Амстэл” у паядынку з “Дзісай” меў даволі відавочную тэрытарыяльную перавагу, але губляў канцэнтрацыю пасля таго, як пачынаў весці ў ліку. Так гол Ромы Зайца, забіты ў сілавой манеры, праз некаторы час аказаўся перакрэслены імклівай вылазкай уздоўж левага фланга. Аляксей Фамін выдаў выдатную перадачу на пятак, дзе ў неабходнай кропке прасторы апынуўся Руслан Рамановіч. Той жа малюнак назіраўся і пасля антракта. Калі Аляксею Жытніцкаму пашчасціла нанесці моцны стрэл з вострага кута ў “домік” Сяргею Сцепанюку, “дысідэнты” адразу пачалі выкарыстоўваць у атацы ўсю пяцерку гульцоў. За дзве хвіліны да фінальнага свістка арбітра лічбы прывеў у раўнавагу плотны ўдар Сцепанюка, які дачакаўся помсты.

“ПСЖ” і “Лагуна” на працягу 50 хвілін гулялі ў стратегіі, паспяваючы даволі хутка вяртацца ў абарону. Вельмі рэдка атрымлівалася, каб кіперу дапамагаў толькі адзін з абаронцаў. Таму весці размову пра востры паядынак з абменам атакамі цяжка. У “французаў” галявая інтэвенцыя прайшла за 40 секунд да фініша першага тайма. Саша Дмітручына з правага фланга накіраваў мяч на дальнюю штангу, і Руслан Смашнюк здолеў прабіць Барыса Пацамая, якому не хапіла міліметраў, каб адвесці пагрозу. У другім тайме ў малюнку гульні нічога істотнага не змянілася. У “Лагуны” меліся пару неблагіх момантаў наперадзе, але бракавала дакладнай апошняй перадачы. А “ПСЖ” пад час сваіх вылазак залішне захапляліся індывідуальнымі дзеяннямі. Апошнія пару хвілін “Лагуна” гуляла ўпяцех і двойчы была побач з удачай. У дадковы час Уладзімір Шылееў у ходзе шматхадовай камбінацыі апынуўся справа на рандэву з Сяргеем Трычыкам, але коўзкае пакрыцце не дазволіла “лагунаўцу” як след трапіць у мяч.

7 ТУР. Джокер — Гермес — 3:6 (0:3) Суддзя: Ю.Рымчонак (Заяц, 27, Касцюковіч, 42, В.Смаль, 50; Кубік, 5, 11, А.Бычак, 23, Кандрацьеў, 31, Д.Баронін, 49, 50), Лагуна — Пари Сен-Жермен — 0:1 (0:1) Суддзя: Э.Белемук (Смашнюк, 25), Диса —
AMSTEL — 2:2 (1:1) Суддзя: Ю.Рымчонак (Рамановіч, 23, Сцепанюк, 48; Заяць, 17, Жытніцкі, 39), ФК «Корона» — Канталь-Союз — 3:1 (1:0) Суддзя: О.Сечонак (Вінаходаў, 11, 35, Пышкоў, 37; Ярашчук, 48), Гранд — ФК «Волга» — 4:4 (2:3) Суддзя: А.Прылепа (Нахайчук, 20 гол, Салавей, 46, Жалнерук, 49; Ляшкевіч, 5, Галавач, 8, Хаваўка, 25, 41), Папярэджанне: Ю.Юркевіч (Волга), Выдаленне: Ю.Юркевіч (Волга), Матчы: Сенаторс — ЭЛСАТ, Трансконсалт — ЦУМ, Работнички — PKS «Pogon» — перенесеныя.

Эдуард БЕЛЕМУК