ЦУМ за ўсю гісторыю ўзаемаадносінаў з “Джокерам” у пасіве меў толькі дзве нічыі. Не стаў выбівацца з каляіны і гэты матч, але канчатковы вынік быў вельмі ўжо вялікім у лічбавым выглядзе. Абарона “джокераў” рухнула на 4-й хвіліне, калі поспеха дасягнуў Андрэй Панасюк. “Універсальныя”, як заўжды працавалі некалькімі квартэтамі, уключыўшы ў заяўку яшчэ і Аляксандра Дзямешку. Хаўбек “Гарадзеі” да анракта выступіў у якасці падносчыка снарадаў, асіставаўшы спачатку Алегу Каралю, а потым Аляксею Налівайка. Нягледзячы на тое, што “джокі” мелі толькі аднаго футбаліста на лаўцы запасных, яны спрабавалі гуляць у адкрыты футбол. У другім тайме гэта прывяло да масавых контратак суперніка і лік з кожнай хвілінай толькі ўзрастаў. Нават суперснайпер “жоўтых” Віктар Смаль на гэты раз так і не здолеў здабыць ні воднага гала.
“Дзіса” змагалася з PKS «Pogon» на роўных. Сюрпрызам было тое, што у складзе “дысідэнтаў” з’явіўся Саша Альховік, а браму “бяла-чырвоных” нечакана стаў абараняць Аляксандр Якімчук. Супернікі згулялі ў вельмі прыгожы адкрыты футбол з актыўным выкарыстаннем усіх ігракоў. “Дзіса” магла даставіць свайму апаненту шмат клопату, калі б трапляла ў створ з блізкай адлегласці. Але свае спробы загубіла. На 14-й хвіліне як толькі Альховік замудрагеліў свой шанец, адразу пайшла контратака ў адваротным кірунку, і Раман Гузарэвіч вельмі ўпэўнена перайграў брамніка, накіраваўшы таму мяч у “хатку”. На працягу доўгага часу каманды працягвалі абменьвацца вострымі інтервенцыямі, але выніковымі былі толькі апошнія хвіліны паядынку. На 46-й спрацавала імклівая двухбаковая камбінацыя з удзелам Віталя Крісюка і Гузарэвіча, а затым майстар-клас прадэманстраваў Юра Бычук, калі на несапраўдных замахах прайшоў усю пляцоўку і пісьменна накіраваў “плямістага” ў блізкі кут. Самае цікавае што за адну хвіліну “пагонеўцы” маглі страціць сваю перамогу. Спачатку вельмі хуткі выніковы адказ зладзіў Альховік, а затым галавой амаль не трапіў куды трэба Іван Колтун. Перадача Руслана Рамановіча пайшла на пару сантыметраў вышэй ардынара.
“Сенатарс” за уік-энд правёў адразу дзве сустрэчы. У суботу каманда прайшлася моцным катком па пазіцыях “ЭЛСАТа”. Пакуль на гульню дабіраліся Егор Мацукевіч і Кірыл Кудзей, “тэлевізійныя” адшукалі дапамогу з боку свайго даўняга заўзятара Аляксея Бычкоўскага. Але Аляксею, які стаў на браму, было не вельмі соладка. На 4-й хвіліне абрэзка скончылася голам Рамана Кручыніна, затым кіпер падвёз пенальці. А да антракту свае подпісы праставілі Алег Сячонак і Макс Зайчук. Другой тайм у генеральнай бітве вялікага значэння ўжо не меў.
На наступны дзень справы “сенатараў” выглядалі інакш. “Волга” на 12-й хвіліне матча задала належны тэмп паядынку, калі Міхал Ляшкевіч, абыграў апекуна і адкрыў лік у матчы. З гэтай пары “сенатары” імкнуліся гуляць у актыўны футбол, але трапілі на моцны мур. Акрамя таго “валжане” адшукалі ў асобе Сяргея Клімука даволі надзейнага кіпера, які здолеў супрацьстаяць стрэлам з далёкай і сярэдняй адлегласці. Час ішоў, выніка не было і Раман Кручынін спрабаваў штучна ўдыхнуць у сваіх партнёраў пераможнае натхненне. Але жорсткасць абыйшлася “шэшням” трымя папярэджаннямі. Захапленне непадрыхтаванымі атакамі ў канцоўцы паядынка забяспечыла “сенатарам” праблемы. Тройчы “валжане” растрэльвалі пакінутую без нагляда браму, а таму не вельмі хваляваліся двум галам “паласатых” напрыканцы матча.
“ЭЛСАТ” меў усе шанцы нарвацца на другое паражэнне уік-энда. “Транскансалт” на працягу ўсёй сустрэчы выглядаў больш мабілільным і арганізаваным, вось толькі рэалізаваў малую долю з тых 56 момантаў (па версіі Аляксея Талмачова), што меліся ў каманды. Лік у паядынку быў адкрыты ўжо на 3-й хвіліне дзякуючы Раману Саўчуку. І далей анархічная гульня “элсатаўцаў” дазваляла “трансам” здымаць пытанні пра пераможцу з павесткі дня. Але калі ты не забіваеш, то трымай непрыемнасці. Напрыканцы першага тайма “тэлевізійныя” зладзілі эфектыўную двухбаковачку Бычкоўскіх — Арцёма і Мікалая. “Трансы” выйшлі наперад толькі за 10 хвілін да канца матча. Саша Ланец імкліва рушыў па левай броўцы і выдаў суперпас на нагу Дзіме Баркоўскаму. І зноў пераможны лік каманда не ўтрымала. Некалькі навальная атака скончылася галавастай інтервенцыяй Марата Мазура. Мяч трапіў у папярэчыну і пацяцеў за лінію, але Андрэй Дзмітрыеў неверагодным прыёмам здолеў вярнуць яго у гульню, а Марат добра выцягнуўў сваю тэлескапічную нагу.
“Канталь-Саюз” і “Лагуна” павінны былі нагуляць на выніковую нічыю, але “канталі” атрымалі нечаканы бонус у выглядзе галавастага гола Дзяніса Клімашэвіча. Да гэтага эпізода, які адбыўся на 45-й хвіліне матча, дзве каманды працавалі ў адкрытым рэжыме, і гульня нагадвала перацягванне каната. Лік на працягу усёй сустрэчы мяняўся на карысць то адной, то другой дружыны. Выключэнне было толькі ў тым, што ў “канталей” галы здабывалі розныя гульцы, а ў складзе “Лагуны” адшукаўся адзіны паляўнічы. Ролю снайпера на свае плечы паклаў Макс Кухарчук, які двойчы выводзіў сваю армаду наперад, настраляўшы на персанальны хет-трык. На жаль, асабістыя рэкорды форварда дывідэнтаў камандзе не прынеслі, прычым павінны ў гэтым самі лагунаўцы, якія не здолелі реалізаваць два пенальці. Зразумела, футбольныя багі за такія справы караюць. Зброяй для свайго урока яна абралі Клімашэвіча, які, знаходзячыся ў захапленні ад самога сябе, яшчэ доўга не пакідаў тэрыторыю стадыёна.
“Парыжане” з “Грандам”, які нарэшце апрануўся ў новую гранатавую форму, правялі даволі роўны першы тайм у плане валодання мячом. Што да вастрыні каля брам суперніка, то “гранды” выглядалі лепш. Сяргею Трычыку прыйлося куды часцей уступаць у гульню, чым яго візаві Алегу Крату. Чамусьці “французы” ніяк не маглі прыстасавацца да коўзкага пакрыцця і часцяком гублялі мяч на пустым месцы. Лёсавызначальны гол нарадзіўся на банальным недаглядзе ПСЖ у абароне. Дзяніс Жалнерук атрымаў закід са сваёй паловы пляцоўкі, дабег да кіпера і выдаў кулю ў дальні кут. Гэты мяч прадвызначыў барацьбу пасля перапынку. “Французы” палезлі наперад упяцёх, упёрліся галавой у трохпавярховы аўтобус і падставілі свае тылы пад выпады Юрыя Несцярука і Рамана Максімюка.
“Амстэл” прыспусціў свае штандары перад “Каронай” выключна дзякуючы максімальна скарочанай лаўцы запасных. Там проста не назіралася ніводнай асобы. Каманда магла пасупернічаць толькі на маральна-валявых, але вельмі ўжо хутка дазволіла сваім апанентам нівеліраваць невялічкую перавагу ў ліку. Паміж галамі Яўгена Сапажкова і Уладзіміра Пышкова змесцілася толькі 4 хвіліны. Неўзабаве ў Дзмітрыя Лысюка быў вельмі перспектыўны момант пры булітным выхадзе, але Віктар Грыцук з ударам форварда справіўся і адразу запусціў кантратаку сваёй каманды. “Амстэлы”, на гэты момант ужо не мелі столькі сіл, каб вярнуцца ў абарону, а таму Дзмітрыю Маркаву ніхто не замінуў вывесці “Карону” наперад. У другім тайме “амстелы” зацята імкнуліся здабыць гол, але гульцам у пары момантаў бракавала трапнасці. І калі на экватары другой паловы Міша Вінаходаў, падставіўшы корпус пад моцны прастрэл, павялічыў перавагу ў ліку, адыграцца “амстэлам” было практычна нерэальна.
8 ТУР. Пары Сэн-Жэрмен — Гранд — 0:4 (0:1) Суддзя: І.Казлоў (Жалнерук, 23, Ю.Несцярук, 42, 50, Максімюк, 50), Канталь-Саюз — Лагуна — 4:3 (2:2) Суддзя: А.Васільчук (Ярашчук, 9, Гапанюк, 10, Клімашэвіч, 45 гал; Кухарчук, 4, 14, 44, на 16-й хвіліне Кухарчук, а на 20-й Гаврысюк не забілі пенальці), ФК «Волга» — Сенатарс — 4:2 (1:0) Суддзя: А.Шеп (Ляшкевич, 12, Чуль, 44, Арушанаў, 45, Сямук, 48; Сячонак, 48, Кручынін, 49), Папярэджанні: А.Галавач (Волга), Д.Елін, Ю.Елін, Р.Кручынін (Сенатарс), ЭЛСАТ — Транскансалт — 2:2 (1:1) Суддзя: Ю.Рымчонак (М.Бычкоўскі, 19, Мазур, 45; Р.Саўчук, 3, Баркоўскі, 40), Гермес — Работнічкі — 5:0 (2:0) Суддзя: А.Васільчук (Д.Баронін, 10, 40, Кубік, 23 пен, 48, Новік, 46), Папярэджанне: С.Дзянісаў (Работнічкі), PKS «Pogon» — Дзіса — 3:1 (1:0) Суддзя: В.Ярашчук (Р.Гузарэвіч, 14, 46, Бычук, 49; Альховік, 49), AMSTEL — ФК «Карона» — 1:3 (1:2) Суддзя: А.Шеп (Сапажкоў, 9; Пышкоў, 13, Маркаў, 18, Вінаходаў, 32), ЦУМ — Джокер — 8:0 (3:0) Суддзя: Ю.Рымчонак (Ан.Панасюк, 4, Кароль, 10, Налівайка, 22, 47, Краўчук, 34, 49, Літвінчук, 37, Сарачынскі, 46), Папярэджанні: А.Краўчук (ЦУМ), А.Лысковіч (Джокер).
Матч 7-го тура: Сенатарс — ЭЛСАТ — 6:0 (4:0) Суддзя: Ю.Шоцік (Кручынін, 4, Зайчук, 17 пен, 23, Сячонак, 18, Ю.Елін, 30, Д.Елін, 35).
Эдуард БЕЛЕМУК